Напярэдадні свайго прафесійнага свята працаўнікі Валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” атрымалі прыемную вестку: іх сухі спецыялізаваны прадукт для харчавання спартсменаў “Фітнэс пратэін 20” на выставе “БелЭкспа” ў сталіцы быў прызнаны пераможцам і ўзнагароджаны дыпломам Гран-пры. Таксама тры тыдні таму на выставе лепшай прадукцыі года 2013 пераможцамі сталі сухое абястлушчанае хуткарастваральнае малако, цвёрды сыр элітнай групы “Візенланд з чарамшой” і вышэйназваны сухі прадукт.
“Фітнэс пратэін 20” – новы інавацыйны прадукт, які пачалі выпускаць каля года таму. Гэты гейнер з масавай доляй бялку 20 працэнтаў прымяняецца для харчавання спартсменаў. У яго склад уваходзяць сухое абястлушчанае малако, хуткарастваральнае і сухая малочная сыроватка. На выставе “БелЭкспа” пакупнікі ацанілі смакавыя якасці і ўпакоўку тавару. Высокую ацэнку атрымаў гэты прадукт і ў спажыўцоў з Расіі, куды яго таксама пастаўлялі для вывучэння пакупніцкага попыту.
Зараз малакаперапрацоўшчыкі працуюць над пашырэннем гэтай групы прадуктаў і спадзяюцца, што праз некалькі месяцаў, яны прапануюць людзям, якія актыўна займаюцца спортам, прадукт пад назвай “Пратэін”, дзе ўтрыманне бялку складзе 60 і 80 працэнтаў.



