Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Адсвяткавалі Дзень Перамогі

11.05.2018

 

ГАНАРЫМСЯ І ПАМЯТАЕМ!

Дзень Перамогі… 73 гады мінула з таго далёкага мая, калі пачаўся адлік мірнага жыцця. Але час не ў сілах зменшыць боль бязмерных страт, сцерці памяць пра стойкасць народа, пра гераізм, праяўлены на франтах і ў тыле. У знак вялікай пашаны перад бессмяротным подзвігам дзядоў і прадзедаў іх нашчадкі збіраюцца на ўрачыстасць, жалобную, хвалюючую і адначасова светлую, радасную. Кожны Дзень Перамогі – гэта повязь пакаленняў, гэта наша слаўная гісторыя, якой жыць у вяках…

Нешматлікую ўжо калону галоўных удзельнікаў свята, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны прысутныя сустрэлі шчырымі апладысментамі. Урачысты мітынг адкрыў старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА.

З вітальнымі словамі выступілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Станіслававіч Маркевіч, ветэран Аляксей Іванавіч Санталаў, камандзір 153-й асобнай Кёнігсбергскай ордэна Чырвонай Зоркі радыётэхнічнай брыгады асобага назначэння падпалкоўнік Андрэй Віктаравіч Калач, актывістка БРСМ Вікторыя Трахімовіч. Затым адказныя службовыя асобы, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый усклалі да брацкай магілы загінуўшых воінаў вянкі і кветкі. Гэты кранальны момант у чарговы раз нагадаў, што Перамога – свята са слязамі на вачах…

Напрыканцы мітынгу ваенныя мясцовай часці прайшлі ўрачыстым маршам. Завяршылася афіцыйная частка выступленнем духавога аркестра пад кіраўніцтвам У. М. Грука. Дарэчы, роўна 28 гадоў таму гэты калектыў спраўляў дэбют на раённым парадзе ў гонар Дня Перамогі і ўжо стаў своеасаблівым сімвалам важнейшых свят Валожыншчыны.

73-і мірны май у горадзе адзначаны па-сапраўднаму святочна. Было цікава і малым, і старым. З самай раніцы плошча Свабоды ў райцэнтры ператварылася ў пешаходную зону з гандлёвымі палаткамі і забаўляльнымі атракцыёнамі. Шмат вырабаў прадэманстравала народна-мастацкае аб’яднанне майстроў “Скарбніца”.

Дастойную канкурэнцыю таварнаму асартыменту прадставілі ваенныя і выратавальнікі. Каля баявых машын і выстаўкі зброі натоўп доўга не змяншаўся. Пажарныя таксама без увагі не засталіся: хто ж адмовіцца ад прапановы сфатаграфавацца на “дошку гонару” ці з мульцяшным героем у рост чалавека? А водар, які стаяў над катлом з салдацкай кашай, прымушаў нават тых, хто сочыць за фігурай, забыцца пра ўсе дыеты і ўсмак паласавацца.

Дзеці каталіся на цацачных конях і жывых поні, самыя трапныя стралкі маглі паспаборнічаць у стральбе ў ціры, хлопцы-падлеткі паўдзельнічалі ў ваеннай гульні з лазернымі аўтаматамі, хтосьці пакатаўся на катамаранах ці схадзіў у кіно. На плошчы прайшоў выдатны канцэрт…

Пастаралася сёлета і прырода: на цяпло і сонейка адначасова адгукнуліся пышным цветам яблыні, грушы, бэз, каштаны. Гэты ранні, дружны старт падтрымалі нарцысы, цюльпаны, іншыя кветкі, высаджаныя на клумбах стараннымі рукамі работнікаў участка добраўпарадкавання РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Словам, усё спрыяла таму, каб людзі не толькі ўспомнілі гераічную мінуўшчыну, але і правялі цудоўны сямейны адпачынак.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара і Сяргея САДОЎСКАГА

АДЗНАЧЫЎ ПЕРАМОГУ ІВЯНЕЦ

9 мая для жыхароў мястэчка падрыхтавалі насычаную праграму мерапрыемстваў. З раніцы на пляцоўцы каля Дома культуры праходзіў традыцыйны дзіцячы конкурс “Мы малюем мір”, затым пачаўся ўрачысты мітынг, які адкрыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч Бібік, ускладанне вянкоў і свечак да помніка загінуўшым воінам. Вучні Івянецкай школы прынялі ўдзел у акцыі “Бессмяротны полк” і тым самым аддалі даніну памяці ветэранам.

Далей месца святочнай актыўнасці перанеслася да Дома культуры. Там усіх сустрэлі салдаты з воінскай часці, размешчанай у Кіяўцы: прадэманстравалі ваеннае майстэрства на парадзе і пачаставалі салдацкай кашай. Кожны змог паўдзельнічаць у акцыі “Танцуем вальс разам”. Прайшла таксама і сімвалічная акцыя “Не разбурай мару”: дзеці з бацькамі адпусцілі белыя шарыкі ў неба, каб спраўдзілася іх агульнае жаданне – свет без вайны.

Вялікі канцэрт, прысвечаны Дню Перамогі, распачала тэатралізаваная кампазіцыя “Дзеці вайны”, дзе маленькія акцёры стварылі вобразы дзяцей у час Вялікай Айчыннай. Пастаноўка атрымалася эмацыянальнай і кранальнай – на вачах многіх гледачоў заблішчэлі слёзы. Выступалі выхаванцы дзіцячага сада “Лесавічок”, вучні мясцовай школы і дома-інтэрната, артысты Дома культуры, настаўнікі і вучні Івянецкай школы мастацтваў імя К. Паплаўскага.

Каля Дома культуры ўвесь час бойка ішоў гандаль, былі арганізаваны зоны адпачынку і атракцыёны. Гасцей на Свята Перамогі прыйшло шмат.

Тэкст і фота Настассі ЛЯВІНСКАЙ

Як жывеш, ветэран?

ПАКЛОН ВАМ, НАШЫ ДАРАГІЯ!

Напярэдадні Дня Перамогі ў дом да кожнага ветэрана Валожыншчыны наведаліся прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый. Пажылыя людзі, большасць з якіх ужо не вызначаецца моцным здароўем, са слязамі на вачах сустракалі візіцёраў, былі вельмі ўдзячнымі за ўвагу і радаваліся, што вось ужо колькі дзесяцігоддзяў на нашай зямлі не палаюць вёскі, не гінуць людзі, не рвуцца снарады і бомбы…

Ідзе час, а сэрца ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксея Іванавіча САНТАЛАВА ўсё не адпускае далёкая трывожная пара маладосці! Пра перажытае ён расказвае ў школах, на сходах і мітынгах. 8 мая Аляксей Іванавіч пабываў у гімназіі. А ў другой палове дня ветэран прымаў у сваім доме дэлегацыю ГА «Белая Русь». Прыемную і ганаровую місію выпала выканаць начальніку аддзела культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вікенцію Адамовічу, яго намесніку Лідзіі Маляўкінай і дырэктару гімназіі № 1, старшыні раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Алене Клачко.

Дагледжаны дом па вуліцы Пушкіна абступае сад, які сёлета «кіпіць» белым цветам. У такой жа бялюткай кашулі гаспадар сустракае на парозе гасцей і ветліва запрашае зайсці. Пад словы віншаванняў і шчырых пажаданняў расчуленаму ветэрану ўручаюцца кветкі і падарункі. Мужчына ў час гутаркі разважыў: баявых сяброў амаль не засталося, на Дзень Перамогі іх прыходзіць з кожным годам усё менш. А успаміны, размовы з равеснікамі, аднадумцамі так патрэбны! 

Аляксей Іванавіч – чалавек вялікага жыццёвага вопыту, у яго многаму можна павучыцца. У прыватнасці, аптымістычнаму стаўленню да рэчаіснасці. Ветэран удзячны лёсу за доўгае жыццё, поўнае шчаслівых падзей і цяжкіх выпрабаванняў, за сыноў, дачок, унукаў і праўнукаў, за кожны пражыты дзень на роднай зямлі, у сваёй хаце…

Тэкст і фота Алены ЗБІРЭНКА

ЗАПРАСІЛА АБЛАСНОЕ СВЯТА…

8 мая ў Барысаве адбылося абласное свята, прысвечанае 73-й гадавіне Вялікай Перамогі. На мерапрыемстве прысутнічалі старшыні ўсіх 22-х райвыканкамаў і Жодзінскага гарвыканкама, ветэраны, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, дэлегацыі раёнаў.

Ад Валожыншчыны на фэсце пабывалі Мікалай Анатольевіч Астрэйка, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун, старшыня райсавета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч Бібік, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы Рыгор Мікалаевіч Русакевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Вікенцьевіч Садоўскі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Мікалаеўна Крыкала, галоўны ўрач Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы Павел Алегавіч Ганчар, дырэктары ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” Рамуальд Уладзіміравіч Вайніцкі і філіяла ДП “Мінаблпаліва” Міхаіл Ігнацьевіч Радына, начальнікі Валожынскага раёна газазабеспячэння Віктар Іванавіч Бычкоўскі, а таксама адасобленай групы ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Юрый Вітальевіч Нахай і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Яраслававіч Касоўскі.

Мерапрыемства пачалося з ускладання кветак да помніка «Ахвярам фашызму», працяг адбыўся на цэнтральнай плошчы горада. Выступаючы перад прысутнымі, старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Міхайлавіч Ісачанка адзначыў асаблівасць гэтай незабыўнай гістарычнай даты. Па словах кіраўніка Міншчыны, роўна 73 гады таму была падведзена рыса пад самай кровапралітнай вайной у гісторыі чалавецтва. У гэтыя вясновыя дні кожны чалавек, кожная сям’я, увесь наш народ жывуць памяццю пра гэтую падзею.

У час мерапрыемства выступалі лепшыя творчыя калектывы з розных куткоў Міншчыны. Таксама ў рамках дня вайскоўцы справілі дэманстрацыю-марш сучаснай ваеннай тэхнікі, да іх далучыліся і вадзіцелі грамадзянскіх арганізацый. Спёка не перашкодзіла жыхарам шматтысячнага горада далучыцца да маштабнага адзначэння аднаго з галоўных свят краіны.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

Задайте вопрос