З 6 па 8 ліпеня на маляўнічым беразе ракі Іслач, недалёка ад вёскі Міхалова, прайшоў раённы турыстычны злёт. Асноўная тэматыка традыцыйнага мерапрыемства была прысвечана Году малой радзімы.
У турзлёце прынялі ўдзел 11 каманд з усяго Валожынскага раёна: прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, воінскай часці, устаноў, прадпрыемстваў, працуючая моладзь. Арганізацыяй падзеі займаліся ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама, раённае аб'яднанне прафсаюзаў, РК ГА “БРСМ”.
Першы дзень турзлёту прайшоў у атмасферы сумятні. Па прыездзе калектывы размяшчаліся, разбівалі лагеры і ўсталёўвалі намёты. Адразу пасля таго, як усе ўладкаваліся, прайшла цырымонія адкрыцця. На яе запрасілі намеснікаў старшыні райвыканкама Ігара Шакуна і Іну Пукала, кіраўніка спраў райвыканкама Вольгу Багатырову, намесніка начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Алену Мілюткіну. Урачыстыя прамовы прадстаўнікоў улады і ўзняцце сцяга камандай-пераможцам мінулага года далі афіцыйны старт турзлёту.
У першым конкурсе кожная каманда прадставіла сваю Купалінку ў аўтэнтычным строі з традыцыйным купальскім вянком. Вянкі былі разнастайныя: са свечкамі, рабінай, ліліямі, палявымі кветкамі. Журы ацэньвала прыгажосць і цэласнасць вобразу дзяўчат. У выніку першае месца заняла каманда Валожынскага раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Наступнае спаборніцтва, якое завяршала першы дзень турзлёту, – перацягванне каната. Тут сваю моц паказалі прадстаўнікі Івянца – ПГУП “Рэгінслаўаўта”.
Наступны дзень пачаўся з турніру па паркавым валейболе, дзе зноў перамаглі івянчане. У дартсе самым трапным стаў Аляксандр Чэрнік з РУП «Валожынскі жылкамунгас», у кулявой стральбе – Альфрэд Нехвядовіч з Валожынскай ЦРБ. Адно з найскладанейшых заданняў – спаборніцтвы ў тэхніцы пешаходнага турызму. Удзельнікам давялося пераадолець натуральныя і штучныя перашкоды, забрацца на абрыў, перайсці ваду ўброд. Лепшымі ў гэтай справе сталі хлопцы і дзяўчаты з Валожынскага РАНС.
На працягу трох дзён каманды мераліся сіламі не толькі ў спорце, але і ў творчасці. Традыцыйны для турзлёту конкурс на лепшую турыстычную песню выйграў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі – яны мастацка і прафесійна выканалі “Купалінку”, чым і ўразілі журы. Лепшую турыстычную страву прыгатавалі івянчане, а самы ўдала аформлены лагер, па меркаванні суддзяў, быў у каманды вайсковай часці № 30695.
Настасся ЛЯВІНСКАЯ,
фота аўтара



