Аўтапарк № 14 вось ужо не адно дзесяцігоддзе з’яўляецца важнейшым суб’ектам ажыццяўлення груза- і пасажыраперавозак у раёне. А апошнім часам – і за яго межамі.
У прыватнасці, на Лагойшчыне працуюць некалькі аўтамабіляў-шматтоннікаў. Планавыя паказчыкі выконваюцца, дзякуючы заказам у аздараўленчым лагеры “Крынічка”, пры перавозцы грузаў сельскагаспадарчай галіны. З панядзелка па маршруце “Валожын- Мінск” пачынаюць курсіраваць два камфартабельныя аўтобусы “Мерседэс”, якія, спадзяюся, будуць запатрабаваныя пасажырамі. Дарэчы, наш аўтапарк сёлета значна абнавіўся. Толькі аўтобусаў закуплена пяць штук. Яшчэ адно новаўвядзенне – шынамантаж і рамонт легкавых аўтамабіляў – паступова набывае папулярнасць у валожынцаў і нядрэнна папаўняе грашовую скарбонку аўтапарка. Шмат добрых слоў заслугоўвае дзейнасць дыягнастычнай станцыі. Яе начальнік Міхаіл Міхайлавіч Ліштван кіруецца ў рабоце прынцыпамі гуманізму, індывідуальнага падыходу да кліентаў.
Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка 15 нашых лепшых работнікаў былі запрошаны ў Мар’іну Горку, дзе праходзіла абласная ўрачыстасць. Вадзіцель са шматгадовым стажам Франц Геранімавіч Пупа атрымаў Ганаровую грамату, а вадзіцель Віктар Валер’евіч Ашкірка – Падзяку ад кіраўніцтва ўпраўлення аблаўтатранса.
Хочацца адзначыць, што выдатных працаўнікоў у нас хапае. У адрас вадзіцеляў Аляксея Адамавіча Адамовіча і Сяргея Аляксандравіча Каралькевіча прыйшло пісьмо ад жыхароў вёсак Сівіца, Паморшчына, Выганічы. Падпісалі ліст 92 чалавекі. Людзі шчыра дзякавалі ім за чуласць, увагу, прафесіяналізм. Гэты факт парадаваў нават наша кіраўніцтва, бо ў гісторыі вобласці такі калектыўны зварот зарэгістраваны ўпершыню.
Хочацца адзначыць сумленнае стаўленне да службовых абавязкаў вадзіцеляў Сяргея Палонскага і Аляксандра Ганчарыка. Не навідавоку работа нашых слесараў Віктара Вячаслававіча Скадорвы, Аляксандра Вікенцьевіча Гайко, Мікалая Пятровіча Ганько. Аднак іх умелыя рукі выпраўляюць сотні праблем.
Адзін год кіруе аўтавакзалам Таццяна Мікалаеўна Круцько. Яна адразу станоўча заявіла аб сабе. З першых дзён стала бачна, што прыйшоў чалавек нераўнадушны, старанны. Самых лепшых характарыстык заслугоўвае наш прафсаюзны лідар Аліна Антонаўна Мікалаеўская. Сёлета, напрыклад, была арганізавана калектыўная паездка на Чорнае мора і адпачынак у Затоцы. І гэта далёка не поўны пералік людзей умелых, самаадданых, дысцыплінаваных, на якіх заўсёды можна палажыцца.



