Новае пакаленне радыёразведчыкаў вітаў камандзір 153-й Кёнінгсбергскай асобнай радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння Андрэй Віктаравіч Калач, пасля чаго начальнік пункта прыёму папаўнення палкоўнік Дзмітрый Мікалаевіч Ракавец даў каманду для самой працэдуры прынясення прысягі. Гучна і з пачуццём уласнай годнасці прагаворвалі навабранцы тэкст, які з гэтага дня стане галоўным арыецірам у службе. “Служу Рэспубліцы Беларусь!” – такія словы можна было пачуць і ад шасці дзяўчат, тры з якіх – ураджэнкі Валожыншчыны.
Сярод ганаровых гасцей урачыстасці былі начальнік галоўнага ўпраўлення – намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал-маёр Павел Віктаравіч Ціханаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч Бібік, а таксама ветэран часці, кавалер ордэна “За службу Радзіме 3-й ступені”, член раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” падпалкоўнік Уладзімір Уладзіміравіч Сёмін. Кожны з іх з бацькоўскай цеплыней пажадаў салдатам поспеху ў службе, афіцэрам – цярпення ў рабоце з моладдзю. Не аднойчы падкрэслівалася: брыгада, у якой ім давялося служыць, ва ўсе часы з гонарам выконвала абавязак па забеспячэнні ваеннай бяспекі і надзейнай абароны краіны. Новым пакаленням вайскоўцаў неабходна апраўдаць высокі давер і старанна захоўваць традыцыі, што фарміраваліся на працягу васьмідзесяці гадоў.
У адрас бацькоў гучалі словы падзякі за выдатнае выхаванне дзяцей і просьбы аб цесным супрацоўніцтве і разуменні. Надзвычай шчымлівым і кранальным было выступленне матулі аднаго з воінаў папаўнення Н. І. Сурыновіч. Шматдзетная маці прыехала на свята з Копыльшчыны. Жанчына адзначыла, што з цяжкасцю пазнала сына – настолькі пасталеў нядаўні падлетак. Наталля Іосіфаўна пажадала яго саслужыўцам здароўя і выдатнага выканання абавязкаў, выказала ўдзячнасць камандаванню за клопат і цудоўнае свята.
Па даўняй традыцыі на правядзенні воінскага рытуалу прысутнічаў Благачынны Валожынскай акругі айцец Дзмітрый Агіевіч. Благаславенне ад яго атрымалі галоўныя героі ўрачыстасці, афіцэры і ўсе прысутныя, пасля чаго паўнапраўныя салдаты прайшлі па абноўленым пляцы (на тэрыторыі в/ч працягваюцца рамонтныя работы) урачыстым маршам.
У гэты ж дзень кіраўніцтва часці наладзіла сустрэчу з роднымі маладых ваеннаслужачых. Пляцоўкай для яе стаў кінатэатр “Юнацтва”. Пазней шчаслівыя сваякі змаглі правесці некалькі гадзін са сваімі сынамі і дочкамі, братамі і сёстрамі, сябрамі і каханымі, якія ўпершыню з дня прызыву атрымалі звальненне.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара
Аляксандру Брылю і яго бацьку Івану пашанцавала атрымаць віншаванні асабіста ад П. В. Ціханава і А. В. Калача
Дзмітрыя МАРТУНОВІЧА віталі шматлікія сваякі з Валожына і Маладзечна
Родныя і нявеста Агнешка прыбылі на сустрэчу з Максімам МАЦІЕЎСКІМ з Гродна
Побач з Уладзіславам КРАЎЦОВЫМ з Быхава – матуля, цётка, брат і сябар
Вікторыя БАРЫШЧУК з Валожына
Да Мікіты УЛЬЯНАВА з Барысава прыехалі матуля, дзядуля, цётка і каханая Ірына
Наталля Іосіфаўна СУРЫНОВІЧ
Божае благаславенне
Камандзір і генерал
Трыбуна



