За пяць гадоў навучання хлопец значна пасталеў і змяніўся: стаў больш самастойным і незалежным, прывучыўся да парадку і дысцыпліны, актыўна заняўся спортам. У яго з'явілася шмат сапраўдных сяброў-саслужыўцаў з самых розных куткоў Беларусі і нават Расіі, да якіх можна звярнуцца па дапамогу ў любую хвіліну.
Працягваць прафесійны шлях вырашыў на ваенным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Геаінфармацыйныя сістэмы”. Туды Уладзіслаў быў залічаны без экзаменаў і ЦТ, таму што добра скончыў папярэднюю ўстанову адукацыі. Акрамя яго, у групе вучацца 4 чалавекі, якія прайшлі вялікі конкурс.
Распавядае, што вучоба даволі складаная, але яму падабаецца, таму з цяжкасцямі спраўляецца лёгка. Ужо паспеў здаць першую сесію – 5 залікаў і 4 экзамены. Самыя цяжкія і цікавыя прадметы – вышэйшая матэматыка, геамарфалогія, асновы геадэзіі. Пасля ўніверсітэта хлопец атрымае прафесію ваеннага тапографа-геадэзіста.
На ваенным факультэце БДУ рыхтуюць спецыялістаў гуманітарнага профілю і ў сферы міжнародных зносін, эксплуатацыі геаінфармацыйных сістэм ваеннага прызначэння, войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, юрыстаў, крыптографаў. Будучыя ваенныя жывуць на дзяржаўным забеспячэнні: ім выдаецца форма, харчаванне ў сталовай, інтэрнат. Калі старанна вучыцца і дысцыплінавана паводзіць сябе, прытрымлівацца агульных правіл і распарадку дня, то на выхадныя можна атрымаць звальненне і паехаць дадому. Два разы на год студэнтам прадастаўляецца адпачынак. Стыпендыя залежыць ад сярэдняга бала за сесію. У вольны час, якога застаецца нямнога, можна займацца спортам, навукай, удзельнічаць у грамадскім жыцці.



