Як адзначыла дырэктар гімназіі Алена Іванаўна Клачко, педагагічнаму і вучнёўскаму калектывам ёсць чым ганарыцца. 63 выхаванцы з 405-і скончылі навучальны год на “9” і “10”. Тры выпускнікі 9-х класаў прэтэндуюць на атрыманне пасведчання з адзнакай і тры выпускнікі 11 класа – на залаты медаль. Сярод хлопчыкаў і дзяўчынак – 83 пераможцы алімпіяднага руху, даследчай дзейнасці, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Напрыклад, Уладзімір Трус (11 кл.) – пераможца рэспубліканскага конкурсу на лепшае эсэ па тэме “Я выбіраю прафесію”; Антон Віршыч (10 кл.) – уладальнік дыплома III ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні; Наталля Маслоўская (10 кл.) – фіналістка абласнога конкурсу “Вучань года-2018”; Яна Зянько – пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Упрыгож Беларусь кветкамі”; Мілана Рэут – уладальніца двух дыпломаў абласнога ўзроўню за ўдзел у творчых конкурсах.
У святочны дзень падзякі і грашовыя падарункі ад райвыканкама атрымалі 83 гімназісты, якія на працягу года пад кіраўніцтвам 12 педагогаў славілі навучальную ўстанову. Дзецям і іх настаўнікам узнагароды ўручыў ганаровы госць урачыстасці Дзмітрый Аляксандравіч Вяроўчык. Начальнік РАУС пажадаў кожнаму, хто старанна працуе над сабой і славіць Валожыншчыну, высокіх дасягненняў у будучыні, моцнага здароўя і вялікай удачы. Галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Валянціна Валер’еўна Башаркевіч далучылася да віншаванняў і выканала пачэсную місію. З яе рук Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі атрымала настаўнік матэматыкі Ірына Уладзіміраўна Уланчык.
Як заўсёды, кранальна і шчымліва выступілі галоўныя героі развітальнага мерапрыемства – выпускнікі, іх малодшыя сябры – перашакласнікі. З цяплом і любоўю звярнуліся да прысутных класны кіраўнік 11 класа Ірына Мечыславаўна Рыцікава, прадстаўнік бацькоўскай грамадскасці Алена Мікалаеўна Галавач. Фіналам жа сталі традыцыйныя школьныя эпізоды – абыход святочнай лінейкі са званком і развітальны вальс выпускнікоў.



