Дзіцячаму інструментальнаму ансамблю «Менестрэлі» Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў прысуджаны прэмія і званне дыпламанта з уручэннем пасведчання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі!
Ансамбль існуе ўжо шмат гадоў і прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах рознага ўзроўню. Кіруе ім мэтанакіраваны, таленавіты педагог Кацярына Уладзіміраўна Дварэцкая. Паралельна яна працуе і з калектывам «Туці-фруці», дзе займаюцца меншыя па ўзросце рабяты. Яны падрастуць і прыйдуць у «Менестрэлі» на змену старэйшым.
Інструментальны ансамбль мае шмат узнагарод. Гэта гавораць пра высокі ўзровень яго дзейнасці. Толькі ў мінулым годзе былі атрыманы Дыплом лаўрэата II ступені на рэспубліканскім конкурсе «Арт Планета», Дыплом лаўрэата 1 ступені і прыз глядацкіх сімпатый на міжнародным ТВ-праекце «Кубак сяброўства», Дыплом лаўрэата I ступені на рэспубліканскім конкурсе мастацтваў «Дарога да мары», які праходзіў у Доме Масквы ў Мінску і інш. Юныя артысты выступалі са сваёй праграмай і за межамі Рэспублікі Беларусь. Так удзел у V Міжнародным фестывалі сцэнічных мастацтваў «BaltPrix», што праходзіў у сталіцы Эстоніі – Таліне, прынёс «Менестрэлям» найвышэйшую ўзнагароду – Гран-пры і Кубак. У якасці ганаровых гасцей рабяты прынялі ўдзел у конкурсе-фестывалі акардэоннай музыкі «Восеньскія каскады» ў горадзе Рудаміна ў Літве.
Дыплом III ступені за ўдзел у рэспубліканскім творчым радыёконкурсе «Маладыя таленты Беларусі», арганізаваны Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё, даў падставу падаць дакументы на суісканне прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
У бліжэйшы час, 7 лютага, інструментальны ансамбль «Менестрэлі» прыме ўдзел у юбілейным канцэрце дзіцячай школы мастацтваў № 2 г. Мінска. Таксама ідзе падрыхтоўка да вялікага сольнага канцэрта, на які ў пачатку красавіка калектыў збярэ сваіх даўніх сяброў і ўсіх, хто любіць іх творчасць, на адной з пляцовак сталіцы Беларусі.
Віншуем кіраўніка і ўдзельнікаў ансамбля з заслужанай узнагародай і жадаем далейшых поспехаў.



