Адзін з накірункаў работы народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры - шанаванне спадчыны і землякоў, якія ў свой час многае зрабілі па вывучэнню гісторыі і праслаўленню роднага краю. Адно з такіх мерапрыемстваў прайшло 17 снежня на базе раённай бібліятэкі. Пазнавальна-ўшанавальная гасцёўня “Ракаўскі летапісец” была прысвечана 95-годдзю з дня нараджэння нястомнага краязнаўцы, Настаўніка з вялікай літары, інтэлектуальна багатага і шчырага чалавека Васіля Пятровіча Налецкага, які 44 гады свайго жыцця аддаў школе, 37 з якіх – Ракаўскай дзесяцігодцы, дзе выхаваў не адно маладое пакаленне. Удзельнікамі гасцёўні сталі навучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя, работнікі бібліятэкі і музея, рунеўцы.У якасці шаноўных гасцей былі запрошаны людзі, якія добра ведалі Васіля Пятровіча. Найперш гэта яго сын, таксама былы настаўнік, Віктар Васільевіч Налецкі, а таксама былыя намеснік рэдактара і рэдактар валожынскай раённай газеты “Працоўная слава” Самуіл Ісакавіч Штэйнер і Соф’я Ігнацьеўна Кавяза, удзельніца “Руні”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Антонаўна Шакун, якая таксама ўсё сваё жыццё прысвяціла настаўніцкай працы.На журнальным століку на саматканым ручніку работнікі бібліятэкі паклалі выданні, у якіх расказваецца пра В.П.Налецкага, Беларускую Савецкую энцыклапедыю з яго публікацыяй пра Ракаў. Ля іх размясціўся яго партрэт і свечка. Падавалася, што сам Васіль Пятровіч вітае ўсіх, хто заходзіць у залу. Запаліўшы свечку Памяці, прысутныя ўшанавалі слаўнага земляка хвілінай маўчання. А пасля паліліся цёплыя, шчырыя, удзячныя ўспаміны пра ракаўскага летапісца, чалавека, які так самаахвярна любіў і праслаўляў родны край. Гэтае мерапрыемства у чарговы раз пацвердзіла, якая багатая на таленавітых, творчых апантаных любоўю да роднай зямелькі людзей наша Валожыншчына.



