5 і 6 верасня Магілёўшчына стане галоўнай літаратурнай сталіцай краіны, прыняўшы ўрачыстасці, прысвечаныя ХХХIII Дню беларускага пісьменства. Сёлетняе свята абяцае стаць адным з самых маштабных і змястоўных, аб’яднаўшы гістарычную памяць, сучасныя культурныя трэнды і ўшанаванне высокіх духоўных каштоўнасцей.
Арганізатары вызначылі некалькі ключавых тэматычных накірункаў, якія лягуць у аснову праграмы. Сярод іх — 85-я гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая нагадвае пра подзвіг продкаў; Год беларускай жанчыны, які падкрэслівае ролю захавальніц традыцый; юбілейныя даты класікаў роднай літаратуры, а таксама ключавыя прыярытэты пяцігодкі якасці.
Жыхароў і гасцей свята чакае насычаная шматпланавая праграма, якая спалучае дзелавыя сустрэчы і яркія культурныя імпрэзы. Галоўнай навацыяй бягучага года стане стварэнне адмысловага павільёна рэдкай кнігі, дзе будуць сабраны ўнікальныя выданні з усёй краіны: ад старадрукаў і факсімільных копій да мініяцюрных кніг, якія з’яўляюцца сапраўднымі бібліяграфічнымі каштоўнасцямі.
Асаблівую ўвагу арганізатары нададуць асобе творцы. Упершыню будзе арганізаваны «кабінет пісьменніка» – камерная прастора, дзе прадставяць асабістыя рэчы, рукапісы, рарытэтныя фатаграфіі і архіўныя дакументы беларускіх літаратараў. Гэта дазволіць наведвальнікам дакрануцца да творчай лабараторыі майстроў слова.
Любіцеляў гісторыі зацікавіць тэматычная інтэрактыўная прэзентацыя «Ад берасцянай граматы – да сучасных рэалій», якая наглядна прадэманструе эвалюцыю кнігадрукавання на Магілёўшчыне, ад старажытных вытокаў да лічбавых тэхналогій. Атмасферу творчасці падтрымае ўнікальная экспазіцыя «Фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», дзе гучаць вершы і музыка ў аўтэнтычным выкананні.
Захаваюцца і любімыя традыцыі. Свае дзверы адкрые Фестываль кнігі і прэсы, на пляцоўках якога будуць прадстаўлены лепшыя ўзоры сучаснага беларускага кнігавыдання. Свае літаратурныя і культурныя дасягненні прадэманструюць усе рэгіёны краіны, уключаючы сталіцу, што ператворыць свята ў сапраўдны дыялог культур і пакаленняў.




