Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Галоўная задача – аб’ядноўвацца і працаваць у імя дзяцей і ўнукаў

03.02.2021

У мінулы чацвер раён наведаў старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Іван Аркадзьевіч ГАРДЗЕЙЧЫК. Візіт адбыўся ў рамках Адзінага дня інфармавання насельніцтва.

Высокі госць сустрэўся з ветэранскім актывам Валожыншчыны – размова праходзіла за круглым сталом у канферэнц-зале турыстычнага інфармацыйнага і рэкрэацыйнага цэнтра, што па вуліцы Набярэжнай у Валожыне. У ёй прынялі ўдзел старшыня Мінскай абласной ветэранскай арганізацыі Казімір Браніслававіч Чарапкоўскі, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун, дырэктар ТЦСАН Галіна Фадзееўна Рай.

І. А. Гардзейчык з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, у парламенце займае пасаду намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях. Рэспубліканскую ветэранскую арганізацыю ўзначальвае з 2015 года. Нарадзіўся і вырас у сялянскай сям’і, прайшоў баявымі дарогамі Афганістана, быў двойчы паранены, узнагароджаны чатырма ордэнамі. Працоўны шлях баявога афіцэра звязаны з Узброенымі Сіламі, даслужыўся да звання генерал-маёра. Але, нягледзячы на высокі чын, па словах Івана Аркадзьевіча, усе людскія праблемы яму блізкія.

Як і ўся краіна, зараз грамадскае аб’яднанне жыве ў чаканні маштабнай падзеі – VI Усебеларускага народнага сходу, на якім будзе вызначаны далейшы лёс нашай роднай Беларусі. Ветэранскую арганізацыю на народным вечы будуць прадстаўляць 72 дэлегаты. У свеце ўнутрыпалітычнага становішча ў краіне зараз першачарговая задача ветэранаў – не дапусціць расколу ў грамадстве. “Беларусь – адзіная краіна, якая жыве так, як жадае народ, – падкрэсліў Іван Аркадзьевіч. – Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб на нашай зямлі былі мір, стабільнасць і бяспека. Гэты прынцып быў першым пунктам у маёй прадвыбарнай праграме, калі балаціраваўся ў дэпутаты. Другім пунктам абазначаны клопат пра ветэранаў, інвалідаў, шматдзетных сем’яў. У прыватнасці, парламентарыі распрацоўваюць “Закон аб інвалідах”: мы раз 10-15 перачытвалі яго, але да канчатковага рашэння так і не прыйшлі. Таму адклалі яго прыняцце на першае паўгоддзе бягучага года. Узнікае шмат праблем і пытанняў: у краіне 572 тысячы інвалідаў, улічыць патрэбы кожнага вельмі складана.

“Нечытаемы” сёння і “Закон аб ветэранах” – у яго ўнесены больш за 17 правак. Пакуль схіліліся да думкі, што трэба прыслухацца да “нізоў”. Важнае месца ў ім займае пытанне прадстаўлення да дзяржаўных узнагарод. Летась 12 членаў ветэранскіх арганізацый атрымалі ад Прэзідэнта медаль “За працоўныя заслугі”, чатыры адзначаны ордэнам “Знак пашаны”. У нас пражываюць 2 мільёны 500 тысяч ветэранаў-пенсіянераў: заслужаных і вартых прызнання людзей шмат.

Яшчэ адзін вельмі важны кірунак дзейнасці – работа з моладдзю. З імі трэба працаваць, размаўляць, запэўніваць. Жыццё яскрава паказвае, што не хлебам адзіным жыве чалавек, цяпер ідзе барацьба за розумы і душы маладых людзей. На жаль, не ўсе могуць адысці ад спакусы. Неабходна на дзяржаўным узроўні ствараць маладзёжную праграму развіцця, а гэта працяглая, карпатлівая праца, якая патрабуе не проста слоў і вялікіх грошай”.

Падчас сустрэчы старшыня рэспубліканскай ветэранскай арганізацыі запрасіў прысутных да адкрытага дыялога. Былі ўзняты некалькі пытанняў, адным з самых хвалюючых стала аплата дарожнага збору. Хоць па ім ужо і прынята адпаведная пастанова, незадаволеных застаецца шмат: па меркаванні пажылых людзей, не павінна быць роўная аплата за дарогі ў пенсіянераў, якія выкарыстоўваюць уласны транспарт не так часта, і ў тых, хто ездзіць кожны дзень.

Выступае старшыня Мінскай абласной ветэранскай арганізацыі Казімір Браніслававіч Чарапкоўскі

Кіраўнік Мінскай абласной структуры К. Б. Чарапкоўскі заклікаў ветэранаў Валожыншчыны прымаць больш актыўны ўдзел у конкурсах, якія праводзяцца аб’яднаннем. Гэта “Ветэранскі падворак”, “Не старэюць душой ветэраны”, фестываль песні 60+, конкурс дзіцячых малюнкаў і інш. “Талент не павінен прападаць”, – падкрэсліў Казімір Браніслававіч.

Вельмі цікавай і карыснай стала відэапрэзентацыя, што прадставіла загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей І. В. Кавяза. Яна расказала аб рабоце аддзялення, міжнародных праектах, якія рэалізуюцца на тэрыторыі раёна, асаблівую ўвагу звярнула на валанцёрскую дзейнасць. Ірына Валер’еўна заклікала падключыцца да валанцёрскага руху ўсіх жадаючых, каб разам рабіць добрыя справы.

Як адзначыў напрыканцы І. А. Гардзейчык: “Кожная такая сустрэча дае кірунак і асэнсаванне: правільна мы робім ці не? Наша задача – аб’ядноўвацца і працаваць у імя дзяцей і ўнукаў”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара