Пасля выхаду на пенсію жыццё жанчыны не стала сумным і руцінным: будні пралятаюць за цікавымі заняткамі так жа незаўважана, як і ў маладосці. Ганна Іванаўна трымае невялікі агарод, захапляецца вырошчваннем кветак, але яе асноўны занятак – рукадзелле. Майстэрствам вязання авалодала яшчэ ў дзяцінстве, але на працягу жыцця займалася гэтым няшмат. Цяпер стала цікава вырабляць вопратку – ажурныя кардыганы, модныя кофты, накідкі. З часам палюбіла і вышыўку. Ніткі, іголка і сукно становяцца сапраўднымі прыладамі мастака ў яе руках. Так ствараюцца вялікія карціны, напрыклад, нядаўна пачала працаваць над цыклам “Поры года”. Вышыўкі ўпрыгожваюць і прадметы інтэр’еру. З дапамогай падручных матэрыялаў – бусін, каменьчыкаў, гузікаў, усялякіх семачак і макароны – дэкарыруе насценныя пано і шкляныя ёмістасці. Працуе і з пап’е-машэ: вялікую напольную вазу стварыла менавіта ў гэтай тэхніцы. Нядаўна з’явілася задума зрабіць калекцыю брошак. Да вырабу кожнага аксэсуара падыходзіць адказна: дэталі і стылістыка не паўтараюцца.
Адначасова майстар распрацоўвае каля дзесяці прадметаў. Галоўная крыніца натхнення – сама прырода, наваколле. Ідэі нараджаюцца ў галаве, а тэхніку і прыёмы Ганна Іванаўна вывучае ў інтэрнэце на старонках прыхільнікаў хэнд-мэйду з розных краін.