Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Слова пра майстра

09.07.2019

У пасёлку Багданаў жыве нямала таленавітых людзей. Адной з такіх без перабольшання можна назваць Тарэсу Пазнанскую, якая сёлета адсвяткавала свой 85-гадовы юбілей.

Нарадзілася Тарэса Аляксандраўна ў вёсцы Кантраполе Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці ў далёкім 1934 годзе. У сям’і раслі пяць дачок і адзін сынок. Бацька быў краўцом, слава пра якога ішла на ўсю акругу. Да яго здалёк ехалі пашыць прыгожую сукенку, мужчынскае адзенне, вопратку і інш. Маці займалася хатняй гаспадаркай. Сям’я трымала шмат авечак, карову, свіней, курэй. Грошай не хапала, і пасля заканчэння 4-х класаў нашай гераіні прыйшлося ісці працаваць у калгас на палявыя работы, далей вучыцца не было магчымасці. З чатырнаццаці гадоў дзяўчына пачала займацца рукадзеллем. Доўгімі зімовымі вечарамі з сяброўкамі збіраліся ў каго-небудзь на хаце і да позняй ночы ткалі, вышывалі, пралі, вязалі, прыдумвалі і пераймалі адзін у аднаго новыя ўзоры.

Прыгожыя абрусы, посцілкі, вышываныя рэчы жанчына дарыла знаёмым, прадавала, а бывала, і пазычала на вяселлі. Сабрала вялікі пасаг і для сябе. Калі ж выйшла замуж і нарадзіла двух дзетак, часу на рукадзелле не засталося. Большая частка жыцця Тарэсы Аляксандраўны прайшла на Гродзеншчыне. А ў 2007 годзе, пасля таго, як памёр муж, а дзеці перабраліся за мяжу, жанчына вырашыла ехаць на Валожыншчыну, у пасёлак Багданаў, каб быць бліжэй да сясцёр. З сабой Т. А. Пазнанская прывезла і цудоўныя вышываныя, саматканыя і вязаныя кручком рэчы. Хоць на сённяшлі дзень работ у знатнай майстрыхі засталося няшмат, большасць з іх ужо адслужылі свой век, у красавіку ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” адбылася яе персанальная выстава. Наведвальнікі былі ў захапленні ад убачанага. Любы выраб Тарэсы Аляксандраўны, ці гэта ручнік, дыван, прасціна, ці сурвэтка, – сапраўдны шэдэўр.

Гледзячы на іх, разумееш, колькі сіл, любові ўкладзена ў кожную рэч, і дзівішся таленту і творчасці жыхароў Валожынскай зямлі.