222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2
Телефон приемной: Режим работы:с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням
e-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
горячая линия: +375 (1772) 5-55-72
Нядаўна ў гімназіі № 1 г. Валожына адбылася ўрачыстая падзея – у рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі ўступілі 32 вучні чацвёртых класаў.
БРПА займаецца дзейнасцю, якая накіравана на грамадска-патрыятычнае выхаванне. Піянеры актыўна задзейнічаны ў жыцці школы, у спартыўных мерапрыемствах. Хлопчыкі і дзяўчынкі ладзяць канцэрты і віншавальныя праграмы да значных свят: Дня настаўніка, Дня маці, Новага года, Дня абаронцы Айчыны, 8 Сакавіка. Заўсёды прымаюць удзел у арганізацыі і правядзенні піянерскіх збораў да Дня нараджэння БРПА, Дня піянерскай дружбы, Дня юнага героя-антыфашыста, Дня воіна-інтэрнацыяналіста, Дня Перамогі. Праводзяць цімураўскія і патрыятычныя акцыі – «Падарунак ветэрану», «Абеліск», «Дом без адзіноты», «Ветэраны жывуць побач», «Цуды на Каляды», экалагічныя акцыі – «Кармушка», «Чысты двор».
Піянерскую дружыну гімназіі аб’ядноўвае імкненне зрабіць жыццё лепшым, дабрэйшым, справядлівейшым, людзей – больш шчаслівымі. Яны стараюцца навучыцца чуць і разумець адзін аднаго і дзейнічаць разам. Вучні клапоцяцца аб родным краі – берагуць прыроду, цікавяцца культурай. Дэвіз дружыны – «Нам цікава жыць, сябраваць, любіць, дабро тварыць». Іх справе дапамагаюць гульні і песні, сюрпрызы і таямніцы, сакрэты і выдумкі, мары і фантазіі. Піянеры імкнуцца вырашаць усе пытанні разам. Дружына клапоціцца аб дзецях, жывёлах, пра тых, хто стары і адзінокі, пра сваіх родных і блізкіх, адзін аб адным і аб тых, хто ў бядзе.
Настасся ЛЯВІНСКАЯ,
фота аўтара
Працаўладкаванне незанятага насельніцтва застаецца адной з важнейшых задач сацыяльна-эканамічнай галіны раёна. Згодна з заданнем, на Валожыншчыне ў гэтым годзе павінны быць створаны 70 працоўных месцаў.
Сёлета двое грамадзян з ліку беспрацоўных скарысталіся магчымасцю і набылі статус індывідуальнага прадпрымальніка. Для раскруткі бізнесу ім выдзелены субсідыі ў памеры да 3-х тысяч рублёў. Сваю справу людзі адкрываюць па закліку душы і згодна з патрабаваннямі рынку. Так, у адной заяўцы ўказана, што чалавек зоймецца вырабам прадметаў інтэр’еру і посуду з дрэва, у другой выказана жаданне паспытаць свае сілы ў сферы грамадскага харчавання.
34 працоўныя месцы ў раёне створаны за кошт узнікнення новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Найбольш перспектыў, як паказвае практыка, нашы жыхары бачаць для сябе ў дрэваперапрацоўцы і сельскай гаспадарцы. У хуткім часе ў нас з’явіцца магчымасць ацаніць навінкі індывідуальных прадпрымальнікаў: зборныя драўляныя канструкцыі, выгадаваную ў сажалках прэснаводную рыбу, лекавыя расліны, вырашчаныя культурным спосабам, прадукцыю жывёлагадоўлі і раслінаводства з фермерскіх гаспадарак.
Як паведамілі спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкама, у апошнія тыдні года паток тых, хто жадае зарэгістравацца ў якасці юрыдычнай асобы, актывізаваўся. З увядзеннем у эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу рынак працы ў раёне павялічыцца яшчэ на 60 новых вакансій. Такім чынам даведзены план па стварэнні 70 новых працоўных месцаў у раёне будзе нават перавыкананы.
Алена ЗБІРЭНКА
Здаўна вядома, што лепшыя повары – мужчыны. Але, калі ў гарадскіх кафэ ці рэстаранах брутальныя майстры кухоннай справы – не дзіва, то ў пункце грамадскага харчавання, што належыць сельгаспрадпрыемству, прадстаўніка моцнай паловы чалавецтва знойдзеш рэдка.
Тым не менш, у сталовай КСУП “Пяршаі-2014” загадчыкам вытворчасці і па сумяшчальніцтву поварам працуе Аляксандр Аляксандравіч ПАВІЧ. У гаспадарку разам з жонкай – эканамістам Вольгай Сяргееўнай – прыехаў тры гады таму.
Не сказаць, каб ён з дзяцінства марыў стаць да пліты. Так атрымалася. Скончыў вучылішча ў сталіцы, уладкаваўся на працу. Паступова прафесія захапіла. Вопыт набываў у рэстаранах Мінска, Заслаўя. Калі стала вядома, што на Валожыншчыне ёсць добрая работа, прыняў рашэнне паспрабаваць. Падштурхоўвала перспектыва займець уласнае жыллё. Маладая пара рызыкнула. Аб пераездзе ні разу не пашкадавалі, за што шчыра ўдзячныя кіраўніку Я. Я. Скрундзю.
Сёння яны – запатрабаваныя спецыялісты, а дом, які атрымалі, не перастае радаваць. У сям’і гадуюцца двое хлопчыкаў. Што тычыцца прафесіі Аляксандра, сёння ён адчувае сябе на сваім месцы. Пачынаў поварам у кафэ “Пяршаі”. Калі з’явілася магчымасць перайсці бліжэй да дома, з радасцю згадзіўся карміць працаўнікоў гаспадаркі. Розніца між работай у рэстаране і яго сённяшнімі буднямі ёсць, і нават значная. Адна справа – італьянская ці французская кухня, і зусім іншая – смачны абед для хлебаробаў. Меню ў сталовай, за работу якой нясе адказнасць, неабходна скласці так, каб звыклыя стравы здаваліся самымі апетытнымі ў свеце. Хоць Аляксандр – беларус, і з павагай ставіцца да нацыянальных кулінарных адметнасцей, сваім каньком лічыць каўказскую кухню. Зразумела, што нячаста ёсць магчымасць прадэманстраваць тыя ўменні.
Кажуць: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, асабліва, калі гэтага хоча і моцна стараецца. А. А. Павіч добра разбіраецца ў тэхніцы, можа ўзяць на сябе амаль усю хатнюю работу. Разам з жонкай яны сталі заўзятымі агароднікамі, была нават спроба развесці жыўнасць. Маладыя людзі не пазбаўлены амбіцый. Мараць калі-небудзь займець уласную справу, якая абавязкова будзе звязана са спецыяльнасцю Аляксандра. Вольга са сваёй эканамічнай адукацыяй мяркуе стать сапраўднай падтрымкай для мужа-повара.
Жыве сям’я дружна. За права ўладарыць на кухні не спрачаюцца: у каго ёсць час і магчымасць, той і шчыруе. Аляксандр, напрыклад, любіць пельмені, таму часта радуе жонку і сыноў гэтай стравай, прычым у самых розных варыянтах – ад сібірскіх да хінкалі і манты.
Супрацоўнікі КСУП “Пяршаі-2014” высока цэняць мясцовага “шэф-повара” і вельмі ўдзячныя яму за такую грунтоўную падтрымку падчас палявых работ. Сам жа спецыяліст прызнаецца, што перыяды пасяўной і жніва для яго – праверка на трываласць. Прафесіянал не забываецца разам з неабходнымі прыправамі дадаваць у першыя, другія і трэція стравы часцінку ўласнай душы.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара
У замежных турыстаў з’явілася магчымасць пазнаёміцца са славутасцямі Валожына з дапамогай анлайн-гіда. Інтэрактыўную карту на англійскай мове распрацаваў вучань 11 класа гімназіі № 1 горада Валожына Арцём Галоўскі пад кіраўніцтвам настаўніцы англійскай мовы Г. В. Лушновай і настаўніцы геаграфіі С. В. Федарака.
Цяпер турысты без цяжкасцей могуць вызначыць месцазнаходжанне неабходнага аб’екта і атрымаць пра яго інфармацыю. Карта даступна анлайн для ўсіх жадаючых па адрасе: http://arcg.is/1ujrr8. Яе ўжо змаглі ацаніць група нямецкіх турыстаў і выкладчык-валанцёр з Кітая, што працуе ў гімназіі № 1 райцэнтра. Яна падалася ім вельмі зручнай і простай у выкарыстанні.
Карта стваралася з мэтай прасоўвання турызму ў Валожыне. Акрамя ўсёй інфраструктуры горада, на ёй адлюстраваны два маршруты, у кожны з якіх уваходзяць па шэсць аб’ектаў. Адзін з іх прызваны пазнаёміць са славутасцямі райцэнтра. Сюды ўвайшлі дом Старога Уласа, царква Святых Канстанціна і Алены, будынак іешывы, касцёл Святога Юзафа, палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў, краязнаўчы музей. Другі маршрут прысвечаны помнікам Вялікай Айчыннай вайны. Ён прапаноўвае наведаць брацкую магілу савецкіх воінаў і партызан і помнік воінам-інтэрнацыяналістам, што размяшчаюцца на плошчы Свабоды, мемарыяльны знак у памяць аб мірных жыхарах горада, расстраляных нацыстамі восенню 1942 года, на былым стадыёне, помнік “Смуткуючая маці”, краязнаўчы музей і помнік Герою Савецкага Саюза В. В. Шчарбіну на тэрыторыі СШ № 1.
Працэс складання такой карты вельмі працаёмкі. Арцёму пад кіраўніцтвам Галіны Васільеўны і Святланы Вітольдаўны, каб атрымаць той прадукт, які мы цяпер можам назіраць, на асноўную платформу неабходна было накласці ў першую чаргу слой інфраструктуры горада, потым – гістарычных аб’ектаў, распрацаваных маршрутаў, інфармацыйны. Затым дадатак быў апрацаваны ў спецыяльнай праграме, каб карта стала даступнай карыстальнікам інтэрнэту.
Пры націсканні на любы аб’ект, адлюстраваны на карце, выплывае акно з інфармацыяй. Калі гэта нешта з сучаснай інфраструктуры, то з’яўляюцца кароткія звесткі пра рэжым працы і фотаздымак. Калі справа ідзе пра славутасці Валожына – адлюстроўваецца гістарычная даведка з апісаннем і фотаздымкам. Зразумела, што ўся інфармацыя даецца на англійскай мове, прадаставілі ж яе распрацоўшчыкам супрацоўнікі Валожынскага раённага краязнаўчага музея.
Работа Арцёма пад назвай “Ваш гід – мабільны інтэрнэт” была высока ацэнена на абласным этапе работ вынаходніцкага характару, дзе заваявала дыплом другой ступені.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара
ГУ «Детско-юношеская спортивная школа Воложинского района» по адресу Партизанская, 15а сдает в аренду помещения:
1. под парикмахерские услуги;
2. под 5D кинотеатр и 6D автосимулятор.
7 студзеня ў гасцёўні народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага цэнтра культуры адбылася творчая сустрэча з вядомымі беларускімі пісьменнікамі: дырэктарам і галоўным рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесем Бадаком і Віктарам Шніпам, які да таго ж з’яўляецца земляком і пачыныльнікам літаратурнага аб’яднання тады яшчэ пры рэдакцыі раённай газеты “Працоўная слава”. Шаноўных гасцей віталі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч і кіраўнік творчай суполкі Валянціна Русакевіч.
Падчас сустрэчы госці адказалі на хвалюючыя валожынскіх творцаў пытанні. Віктар Шніп пачытаў вершы і падараваў удзельнікам “Руні” сваю кнігу “Заўтра была адліга”. Госці таксама выказалі жаданне паслухаць вершы саміх рунеўцаў. Свае творы вынеслі на суд масцітых літаратараў і сяброў па аб’яднанню Сяргей Маляўскі, Галіна Мірцінкевіч , Аляксандр Грынкін.
Конкурс чытальнікаў польскай паэзіі пад назвай “Крэсы” імя А. Міцкевіча традыцыйна праводзіцца ў канцы года. Сёлета раённы конкурс праходзіў у сёмы раз. У творчым іспыце бралі ўдзел больш за 25 вучняў ад 8 да 15 гадоў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах з вывучэннем польскай мовы ў Валожынскай СШ № 1, раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, Вішнеўскай, Багданаўскай і Сакаўшчынскай сярэдніх школах.
Удзельнікаў, настаўнікаў і бацькоў вітала старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна” Ала Аляксандраўна Макарэвіч, якая пасля прадставіла журы конкурсу. Ацэньваліся артыстызм выканання твора, падбор рэпертуару і вымаўлення.
Распачалі конкурсную праграму самыя маленькія ўдзельнікі (8-12 гадоў), для большасці з якіх гэта – творчы дэбют. Зразумелым было хваляванне, нясмеласць, калі даводзілася пераадольваць сябе, каб прадэманстраваць перад гледачамі першыя здабыткі ў вывучэнні польскай мовы. Да гонару многіх, трымаліся ўпэўнена і артыстычна, з выразам чыталі дзіцячыя вершы, сярод якіх былі і жартаўлівыя, гумарыстычныя. Самыя маленькія ўдзельніцы – васьмігадовыя сёстры-блізняты з Вішнеўскай СШ Даша і Маша Сей – падрыхтавалі па два вершыкі, хаця дэбютантам дазвалялася выкананне аднаго твора. У гэтай падгрупе дыплом за першае месца заваяваў Ілля Барысевіч з СШ № 1. Другое месца падзялілі вучаніца СШ № 1 Аліна Кетрыс, якую рыхтавала да конкурсу бабуля Т. В. Пазновіч, і гімназіст, выхаванец цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Максім Нехвядовіч. Дыплом за трэцяе месца ўручаны Веры Сельвясюк з Сакаўшчынскай СШ.
У старэйшай падгрупе не было роўных вучаніцам СШ № 1. Тут назіралася і добрае вымаўленне, і глыбокае пранікненне ў тэму паэтычнага твора, і сапраўдны артыстызм. Журы было цяжка назваць пераможцу. У выніку першае месца падзялілі Вераніка Віршыч і Лізавета Шапуцька. Дыплом за другое месца ўручылі Іллі Сушко з Сакаўшчынскай СШ. Трэцяе месца зноў жа падзялілі вучаніца СШ № 1 Насця Арловіч і Любоў Камінская з Багданаўскай СШ. Дыплом за чытанне верша Адама Міцкевіча быў уручаны Сашы Рудовіч з СШ № 1.
Увогуле, пакрыўджаных на конкурсе не было. Усе ўдзельнікі атрымалі альбо пасведчанні лаўрэатаў, альбо сертыфікаты, а таксама добрыя падарункі. Пакуль журы падводзіла вынікі, для канкурсантаў, іх настаўнікаў і нават бацькоў быў арганізаваны абед у рэстаране “Карона”.
…Арганізатары конкурсу адзначаюць, што з году ў год расце майстэрства дэкламатараў. Асабліва гэта прыкметна на тых з іх, хто прымаў удзел не першы раз. Ад сябе хачу дадаць, што значная доля поспеху залежыць ад настаўнікаў. Варта заўважыць тых, хто не губляецца на публіцы, мае добрае вымаўленне і памяць, артыстычныя здольнасці, мэтанакіравана з імі працаваць, а таксама падабраць паэтычныя творы, якія падыходзяць менавіта дадзенаму вучню. І самому добра арыентавацца ў польскай паэзіі, таму што вучні чыталі не толькі творы вядомых аўтараў Юліяна Тувіма, Марыі Канапніцкай, Тадэвуша Ружэвіча, іншых, але і сучасных. Асобныя словы падзякі настаўнікам, якія рыхтавалі канкурсантаў, – Але Аляксандраўне Макарэвіч, Ірыне Станіславаўне Ваньковіч, Валянціне Карнееўне Відзевіч, Ілоне Аляксандраўне Вайшнаровіч, Таццяне Браніславаўне Сініцкай.
Наталля ШТЭЙНЕР
На базе гімназіі № 1 г. Валожына адбылася сустрэча старшакласнікаў гарадскіх школ з начальнікам кафедры авіяцыйных радыёэлектронных сістэм ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь палкоўнікам Андрэем Паўлавічам Кульпановічам. Такія ж мерапрыемствы праведзены ў Івянецкай і Ракаўскай школах.
Андрэй Паўлавіч – ураджэнец вёскі Пяршаі. У 1987 годзе скончыў з адзнакай дзевяць класаў і паступіў у Ленінградскае сувораўскае вучылішча. Як прызнаецца сам афіцэр, альтэрнатывы пры выбары прафесіі ў яго не было. Яшчэ ў другім класе ўбачыў ваеннага – сына суседзяў – і літаральна “захварэў” арміяй. Многія спрабавалі адгаворваць яго ад такога рашэння, лічылі: падлетак не справіцца з цяжкасцямі курсанцкага жыцця. Ён справіўся… Пасля была вучоба ў Харкаўскім ваенным універсітэце (скончыў з залатым медалём), інжынерным ваенным вучылішчы, ад’юнктура… Праз пэўны час ён – кандыдат навук, дацэнт. У 2011 годзе за плячамі ўжо была ваенна-паветраная акадэмія Расійскай Федэрацыі (на выдатна!). Дарэчы, і жонку выбраў таксама са званнем, ды яшчэ якім! Зараз яго абранніца – падпалкоўнік.
Мэта, з якой А. П. Кульпановіч завітаў у родныя мясціны, – заахвочванне да выбару прафесіі абаронцы Айчыны лепшых прадстаўнікоў валожынскай моладзі. Юнакам і дзяўчатам было цікава, як кажуць, з першых вуснаў пачуць пра падрабязнасці ваенных вучобы і службы. Маладыя людзі атрымалі поўную інфармацыю аб факультэтах і спецыяльнасцях, прахадных балах і асаблівасцях залічэння. Шмат увагі шаноўны госць удзяліў матэрыяльнаму боку пытання. Адзначалася: курсанты забяспечваюцца формай, атрымліваюць нядрэнную стыпендыю. Першы і другі курсы размяшчаюцца ў казарме, старшакурснікі – у інтэрнаце, тыя, чый сярэдні бал перавышае 7, маюць права жыць дома ці здымаць кватэру.
Вучоба ў ваеннай навучальнай установе – гэта гарантаванае працаўладкаванне, стабільны заробак і шыкоўная магчымасць для прафесійнага росту. Андрэй Паўлавіч упэўнены: у ваеннай справе, як у спорце, нельга спыняцца на дасягнутым, служба грунтуецца на пастаянным імкненні наперад. Таму моладзі, што мае матывацыю да кар’еры, акадэмія прадастаўляе выдатны шанс. Тут шмат увагі надаецца заняткам спортам, што не дзіўна – хто, як не людзі ў форме, павінны мець добры фізічны стан і падцягнуты знешні выгляд? Школьнікі цікавіліся патрабаваннямі да здароўя абітурыентаў, дзяўчаты задавалі пытанні аб асаблівасцях вучобы на “жаночых” спецыяльнасцях.
Каб больш падрабязна вывучыць пытанне, можна скарыстаць інфармацыю з сайта навучальнай установы ці звярнуцца ў адасобленую групу ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў. Прэзентацыю, якую падрыхтаваў асабіста, Андрэй Паўлавіч пакінуў гімназістам, таму зацікаўленыя маюць магчымасць атрымаць яе на электронны носьбіт. У выпускнікоў і дзесяцікласнікаў, што прыйшлі на сустрэчу, яшчэ ёсць час, каб асэнсаваць пачутае. Магчыма, хтосьці палічыць жыццё ў пагонах занадта суровым, а іншыя прыслухаюцца да сябе, узважаць усе “за”, “супраць” і, як палкоўнік Кульпановіч, ніколі не пашкадуюць аб тым, што рызыкнулі абраць той самы занятак, пра які герой вядомага фільма казаў: “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць”.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара