Вечарам 6 ліпеня жыхары Валожына сабраліся каля гарадскога возера, каб разам справіць Купалле. Распачаў свята Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Гасцінец”, з Ракаўскага цэнтра народнай творчасці. Яго ўдзельнікі парадавалі прысутных тэматычнымі народнымі песнямі, карагодамі, танцамі.
Дзяўчаты актыўна ўключаліся ў старажытны абрад продкаў – пляценне вянкоў. Кожная старалася стварыць непаўторны вобраз.
Купалле - старажытнае народнае свята, якое ўвасабляе ў сабе самыя магутныя стыхіі прыроды – агонь і ваду. Таму, як і на працягу многіх гадоў, было разведзена вогнішча. Прысутныя радасна ўспрынялі магчымасць пабыць ля агню.
Святочнае гулянне працягнула канцэртная праграма салістаў ДУК “Валожынскі раенны цэнтр культуры”, якая плаўна перайшла ў святочную дыскатэку.



