14 кастрычніка, у Дзень маці,ў госці да літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” завіталі вучні 4Б класа СШ №1 г. Валожына са сваім класным кіраўніком Касаногавай І. А. Утульна абстаўленае фае РЦК садзейнічала стварэнню атмасферы даверу і зацікаўленасці. Дзеці ўважліва слухалі вершы “рунеўцаў”, адрасаваныя сваім матулям, у якіх гучалі цеплыня, павага, любоў да роднага чалавека. У многіх вершах адчуваліся боль і скруха аб тым, што ўжо немагчыма больш убачыцца і сустрэцца, пачуць цяпло ласкавых рук, зычлівы мацярынскі голас. Вельмі кранальнымі былі выступленні Н. Агіевіч, Н. Сельвясюк, М. Шакун, М.Мучынскай, Г.Гражынскай, Г.Філяноўскай. Вучням задаваліся пытанні аб ролі мамы ў іх жыцці – дапамозе ў вучобе, сумесных хатніх справах, захапленнях, адпачынку. Інтэрактыўная гутарка вялася шчыра і з вялікай зацікаўленасцю. У загарэўшыхся вачах дзяцей адлюстроўваліся ўсе пачуцці і значымасць таго аб чым вядзецца гутарка. Дзеці называлі ласкавыя словы з якімі звяртаюцца да маці. Вынік сустрэчы падвяла кіраўнік аб’яднання Н.Жылевіч, якая акцэнтавала ўвагу навучэнцаў на значымасці маці для кожнага чалавека, яе бескарыснай любові да свайго дзіцяці і самаахвярнасці. Літаратурную гасцёўню “Маці, мама, мая матуля” Н.Ф.Жылевіч завяршыла сваім аднайменным вершам.



