Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Пяснярцы роднага краю

19.01.2018

 

17 студзеня, у дзень, калі ў далёкім 1893 годзе ў Віленскім рымска-каталіцкім касцёле Святога Якава хрысцілі будучую беларускую паэтэсу Канстанцыю Буйло, у гасцёўні народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага цэнтра культуры адбылася сустрэча-ўспамін “Пяснярка роднага краю” да 125-годдя з дня яе нараджэння. На мерапрыемства запрасілі навучэнцаў Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

На аформленым да юбілею слаўнай зямлячкі століку – яе партрэт, кнігі, іншыя матэрыялы па тэме жыцця і творчасці Канстанцыі Буйло. Канстанцыя Антонаўна ў маленстве і юнацтве жыла ў розных мясцінах Валожыншчыны, хадзіла гэтымі сцяжынамі, наталялася іх прыгажосцю і захацела знайсці вечны спачын у Вішневе. Менавіта тут яна напісала ўсім вядомы верш “Люблю”, які стаў песняй-гімнам роднаму краю; тут спаткалася з Уладзіславай Станкевіч (будучай жонкай Янкі Купалы), з якой шчыра сябравала пасля ўсё жыццё. У Вішневе Канстанцыя спасцігала не толькі школьную навуку, але і навуку годна, з любоўю жыць у маці Уладкі – Эміліі Манэ, якая ў юнацтве прыехала сюды з Францыі, каб вучыць дзяцей графа Храптовіча.

Пра ўсё гэта і распавядалі юным ліцэістам кіраўнік і ўдзельнік “Руні” Валянціна Гіруць-Русакевіч і Аляксандр Кулак. Успаміны самой Канстанцыі Буйло агучыла Марыя Шакун, а ў выкананні маладых “рунеўцаў” гучалі цудоўныя вершы слыннай зямлячкі. Аздобілі сустрэчу песні “Мой родны кут…” (на сл.Я.Коласа) і, вядома ж, “Люблю” Канстанцыі Буйло, якія выканалі салісткі РЦК Вера Лявіцкая і Таццяна Рыснік”; а таксама мультымедыйная прэзентацыя.

Завяршылася мерапрыемства “Гімнам Валожынскай зямлі”, які на словы ўдзельніка творчай суполкі валожынцаў Сяргея Маляўскага напісаў вядомы беларускі кампазітар Эдуард Зарыцкі.