Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

 

     2 лістапада ў РЦК прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюза моладзі і Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі.

    Яшчэ да пачатку ўрачыстасці гасцей у вестыбюлі сустракаў аркестр народных інструментаў Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў: мелодыі мінулых гадоў не толькі ўзнімалі настрой, але і вярталі ў прыемную, поўную рамантыкі і гераізму, пару маладосці. У фае была аформлена тэматычная выстава экспанатаў з экспазіцыі пакоя-музея “Родам з СССР”, пра камсамольцаў Валожыншчыны, якія ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчым руху падчас Вялікай Айчыннай вайны, аднаўлялі раён пасля разрухі, узнімалі Цаліну, будавалі Байкала-Амурскую магістраль, дапамагалі калгасам і саўгасам, расказвалі фотаздымкі з архіваў раённага краязнаўчага музея пад агульнай назвай “Гэта наша з табой біяграфія”.

    Пачалося мерапрыемства невялікім экскурсам у гісторыю – ад моманту стварэння камсамола ў кастрычніку 1918 года да 90-х гадоў мінулага стагоддзя, якія сталі пераломнымі для ўсёй вялікай краіны СССР. Вельмі цікава і пазнавальна яго правяла дырэктар раённага краязнаўчага музея Н. П. Лоўчая.

    Юбілей сабраў разам лідараў розных гадоў – тых, хто імкнуўся быць у авангардзе, для каго камсамол стаў лёсавызначальным у далейшым жыцці. Гэта Сяргей Сяргеевіч Маляўскі, Мікалай Мікалаевіч Бабук, Леў Вадзімавіч Бяляўскі, Анатолій Пятровіч Лябёдка, Васілій Уладзіміравіч Астроўскі, Іван Францавіч Тамашэвіч, Ала Аляксандраўна Макарэвіч, Уладзімір Васільевіч і Алена Станіславаўна Шарапы, Ніна Іванаўна Садоўская, Галіна Станіславаўна Крывянцова, Таццяна Васільеўна Мікулевіч. Ад імя кіраўніцтва раёна ветэранаў камсамольскага руху вітаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В. М. Адамовіч. Ён адзначыў, што камсамол славіўся не толькі сваімі добрымі справамі і яркімі імёнамі, але і традыцыяй моцнай дружбы, узаемаразумення і сапраўднага братэрства. Менавіта камсамол на працягу дзесяцігоддзяў стаў школай жыцця для савецкіх людзей. І няма ў гісторыі краіны больш магутнага маладзёжнага руху, чым ВЛКСМ. Гэта жывы дакумент, перагортваючы старонкі якога, адчуваем дыханне эпохі, бачым непаўторную сувязь часоў і пакаленняў. Вікенцій Мікалаевіч уручыў ганаровым гасцям памятныя сувеніры і падзячныя пісьмы за подпісам старшыні райвыканкама М. А. Астрэйкі.

    Ад імя ветэранаў-камсамольцаў слова было дадзена С. С. Маляўскаму, які назваў 100-годдзе камсамола святам іх жыцця, узгадаў, як весела тады жылі і самааддана працавалі, а таксама пажадаў моладзі быць паспяховымі, каб стаць годнымі грамадзянамі Беларусі.

    Ганаровай граматай райвыканкама за плённую дзяржаўную і патрыятычную дзейнасць, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна была ўзнагароджана І. С. Каваленка. Яна – выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Апошнія дзесяць гадоў з’яўлялася першым сакратаром Валожынскай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, абавязкі выконвала на грамадскіх пачатках, а ўвогуле яе партыйны стаж складае 36 гадоў. Ірына Сяргееўна назвала камуністаў і камсамольцаў “жывым духам” усіх пяцігодак і новабудоўляў, асноўнай сілай, якая забяспечыла рэкорды вытворчасці працы. І да гэтай пары мільёны людзей захавалі ў сваіх сэрцах агонь незабыўнага камсамольскага юнацтва.

    Не так даўно раённую арганізацыю камуністаў узначаліла Н. П. Лоўчая. Яна падкрэсліла, што камуністычная партыя заўсёды падтрымлівала і падтрымлівае моладзь у добрых пачынаннях, і, карыстаючыся магчымасцю, напярэдадні свята 7 лістапада ўручыла ганаровыя значкі “100 гадоў ВЛКСМ” былым лідарам пераемніка камсамола, а цяпер камуністам-партыйцам С. Л. Ракавец і В. В. Загорскай.

    Раённая маладзёжная арганізацыя вядзе новы адлік з 2002 года. Напачатку верасня ГА “БРСМ” адзначыла свой дзень нараджэння. Першы сакратар райкама Юлія Лагуціна запэўніла, што сённяшнія члены Саюза моладзі стараюцца захоўваць традыцыі, адной з якіх з’яўляюцца студэнцкія атрады. У раёне штогод працуе каля 10 студатрадаў, дзе задзейнічаны каля 100 чалавек. У рамках працоўнага семестра-2018 лепшым прызнаны экалагічны атрад “Грэнада” з ліку навучэнцаў Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя – хлопцы і дзяўчаты працавалі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна. Дыплом пераможцы яны атрымалі з рук М. М. Бабука.

    Ушанаваны ў той дзень і былыя першыя сакратары райкама БРСМ: Алег Аляксандравіч Бобрык, Галіна Фадзееўна Рай, Святлана Леанідаўна Ракавец, Наталля Паўлаўна Нямкевіч. Памятныя сувеніры ім уручыў Л. В. Бяляўскі. Ад імя лідараў пераемніка ВЛКСМ Н. П. Нямкевіч адзначыла, што цяперашняя маладзёжная арганізацыя – новае ўвасабленне ідэй колішняга камсамола. І хоць яны не ўзнімалі Цаліну і не будавалі БАМ, аднак на суботніках змаглі адрадзіць крынічку па вуліцы Кірава ў Валожыне, шмат папрацавалі на добраўпарадкаванні летняга амфітэатра ля гасцініцы “Карона”. Члены валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” пастаянна дапамагаюць ветэранам і састарэлым людзям.

   Дзве гадзіны юбілейнай урачыстасці прайшлі на ўзнёслай ноце. А шлягеры мінулага стагоддзя ў выкананні салістаў і мастацкіх калектываў раённага Цэнтра культуры ўдала забяспечылі святочны настрой, далі магчымасць адпачыць душой і акунуцца ў маладосць. Як адзначалі пасля ветэраны-камсамольцы, іх агарнулі прыемныя пачуцці ад сустрэчы з сябрамі, яны адчулі сапраўднае задавальненне і гонар за тое, што ў нас такая цудоўная моладзь.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара

     Нядаўна на базе Клінічнага радзільнага дома Мінскай вобласці прайшоў курс Амерыканскай акадэміі педыятрыі пад назвай «Першасная рэанімацыя нованароджаных». У ім удзельнічалі спецыялісты Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы – раённы педыятр, загадчыца і 2 медыцынскія сястры радзільнага аддзялення.

    Як паведаміў газеце галоўны ўрач Валожыншчыны Павел Алегавіч Ганчар, у курс уваходзілі тэарэтычнае навучанне і адпрацоўка практычных навыкаў на спецыялізаваных манекенах. Па выніках курсаў усе навучэнцы атрымалі імянныя сертыфікаты, а таксама дадатковыя наборы, у якія ўвайшлі і манекены.

    Спецыялісты райбальніцы не сталі адкладваць навучанне на базе сваёй установы «на потым». Напрыканы кастрычніка яны па ўласнай ініцыятыве правялі першы трэнінг для работнікаў установы аховы здароўя, якія непасрэдна кантактуюць з нованароджанымі. У трэнінгу ўдзельнічалі 2 акушэры-гінеколагі, 5 урачоў-педыятраў і фельчар хуткай медыцынскай дапамогі.

    Правядзенне падобных мерапрыемстваў плануецца на пастаяннай аснове. Яны забяспечаць развіццё бесперапыннага навучання спецыялістаў райбальніцы без адрыву ад асноўнай дзейнасці.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота прадастаўлена

Цэнтральнай раённай бальніцай

Вторник, 06 ноября 2018 09:14

Да ведама

 

    У рамках перапісу насельніцтва з 6 па 30 лістапада пройдзе праверка адраснай гаспадаркі ў Валожыне і Івянцы.

   Справай будуць займацца рэгістратары. Дзеля гэтага з РУП “Валожынскі жылкамунгас” накіравалі 6 работнікаў, якія пройдуць аднадзённае навучанне на базе аддзела статыстыкі Валожынскага раёна. Каб працаваць мабільна і дакладна, тут атрымалі 6 планшэтаў са спецыяльнай праграмай, куды і трэба заносіць усю інфармацыю. А менавіта: ці ёсць на прыватных дамах аншлагі – нумар дома, а на шматкватэрных – нумар дома з назвай вуліцы.

    Усяго перапісчыкам за тры тыдні неабходна скласці адпаведную дакументацыю больш чым на 3 тысячы домаўладанняў, якія размешчаны ў райцэнтры і гарпасёлку. Таму аддзел статыстыкі звяртаецца з просьбай да ўсіх гаспадароў, каб абазначылі нумар свайго дома – назва вуліцы ўказваецца пры жаданні ўласніка, абавязкова яна павінна быць на пачатку і напрыканцы вуліцы.

    Нагадаем, перапіс насельніцтва пройдзе ў кастрычніку 2019 года.

Наш кар.

Вторник, 06 ноября 2018 09:14

АВАНС, КАБ ПРАЦАВАЦЬ ЯШЧЭ ЛЕПШ

 

    Кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч за значны асабісты ўклад у развіццё беларускай культуры ўзнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за подпісам прэм’ер-міністра краіны Сяргея Мікалаевіча Румаса. Уручэнне адбылося падчас урачыстасці з нагоды Дня работнікаў культуры, якая прайшла ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў сталіцы. Усяго высокай адзнакі сваёй працы на мерапрыемстве ўдастоіліся 7 дзеячаў культуры Міншчыны, у ліку іх – і  наша зямлячка.

    Грамата стала прыемным падарункам да юбілею знакамітай паэтэсы, якая святкавала яго менавіта ў гэты дзень. Сама Валянціна Францаўна ацэньвае ўзнагароду як аванс, каб працаваць яшчэ лепш, і дзякуе роднаму калектыву Цэнтра культуры, кіраўніцтву аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за тое, што вылучылі і ўшанавалі.

    Мы віншуем шаноўную В. Ф. Гіруць-Русакевіч з чарговай заслужанай узнагародай і жадаем творчага натхнення, здароўя і шчасця!

Наш кар.

Вторник, 06 ноября 2018 09:13

УРАДЗІЛІ БУРАКІ І КУКУРУЗА

 

    Гаспадаркі раёна практычна завяршылі ўборку цукровых буракоў і кукурузы.

    На апошні дзень кастрычніка салодкія караняплоды ўбраны на плошчы 1815 гектараў, што складае 98,1 працэнта. Накапаны амаль 75 тысяч тон цукровых буракоў пры сярэднераённай ураджайнасці 410,9 цэнтнера з гектара. Сёлета вырошчваннем гэтай культуры займаліся 7 гаспадарак, самыя вялікія плошчы былі адведзены ў ААТ “Агра-Дубінское” – 650 гектараў. І трэба сказаць, што дубінскія аграрыі не прагадалі, атрымаўшы з кожнага гектара па 530 цэнтнераў супраць леташніх 400. Адпаведна тут і самы высокі ўраджай: амаль 23 тысячы тон. У КСУП “Пяршаі-2014” ураджайнасць цукровых буракоў склала 442 цэнтнеры з гектара, па 380 цэнтнераў сабралі ў ААТ “Багданаўскае”.

    Урадзіла сёлета і кукуруза. Яе вырошчваннем займаліся ўсе гаспадаркі раёна, і размясцілася яна на плошчы 6460 гектараў. Кукурузу ўбіраюць на зерне, а таксама на сілас і на зялёны корм. Калі гаварыць пра ўборку кукурузы на зерне, то яе ўраджайнасць па раёне складае амаль 73 цэнтнеры з гектара. Дадаткова ў засекі з кукурузы атрыманы 7750 тон зерня. Самай вялікай ураджайнасці дасягнулі ў ААТ “Суднікаўскі” – 106 цэнтнераў з гектара, у КСУП “Пяршаі-2014” маюць па 101, па 95 цэнтнераў – у ААТ “Агра-Дубінское”. З кукурузы сельгаспрадпрыемствамі нарыхтавана 117,5 тысячы тон сіласу, 14 тысяч тон выкарыстоўваюцца на зялёны корм.

    Па даных дыспетчарскай службы ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, забяспечанасць кармамі грамадскага статка на канец кастрычніка склала: сена назапашана 8,6 тысячы тон, ці 68 працэнтаў да плана; сенажу закладзена 122 тысячы тон пры заданні 160 тысяч тон; сіласу маецца 112,5 тысячы тон, што складае 111 працэнтаў. Увогуле ж па раёне нарыхтавана больш за 82 тысячы тон кармоў, ці 85 працэнтаў да неабходнага – гэта складае 26,90 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. І хоць амаль усе сельгаспрадпрыемствы, акрамя КСУП “Сакаўшчына-агра” і ААТ “Адамова-агра”, у параўнанні з леташнім нарыхтавалі больш кармоў, перасягнуць раённае заданне ў 31,7 цэнтнера кармавых адзінак змаглі толькі тры гаспадаркі: СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” маюць 35,80 ц.к.а., ААТ “Суднікаўскі” – 33,52 і “Лоск” – 33,40 ц.к.а. на ўмоўную галаву жывёлы.

Наш кар.

Вторник, 06 ноября 2018 09:13

У ЛІКУ ПЕРАМОЖЦАЎ

 

    Завяршыўся XXI конкурс работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці. Прыемна, што ў ліку лепшых аказаліся чатыры даследаванні рабят са школ Валожыншчыны.

   Усяго сёлета было пададзена 700 заявак для ўдзелу ў розных секцыях гэтага прэстыжнага спаборніцтва. У заключны тур журы адабрала больш за 200 работ, 10 з іх – з Валожынскага раёна.

    Сярод пераможцаў конкурсу аказалася вучаніца 11 класа Сакаўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу Анастасія Баталава. Яна атрымала Дыплом III ступені ў секцыі “Беларуская мова”. Сваю работу дзяўчынка выконвала пад кіраўніцтвам А. Р. Шарко. Вучань 5 класа СШ № 2 г. Валожына Іван Бацян заваяваў Дыплом II ступені ў секцыі “Фізіка-матэматычныя дысцыпліны”. Узначальвала яго даследаванне Т. Б. Ярахавец. Кацярына Петрычэнка, Паліна Паляшчук і Ясенія Стома з гэтай жа навучальнай установы сталі ўладальнікамі Дыплома III ступені ў секцыі “Хімія”. Іх агульнай работай кіравала Т. В. Халявінская. У секцыі “Руская мова” трыумф святкавала Наталля Маслоўская з 10 класа гімназіі № 1 г. Валожына. Дыплом I ступені дастаўся ёй па праве. Кіраўнік даследавання – настаўніца рускай мовы і літаратуры Т. І. Саевіч ганарыцца сваёй вучаніцай.

Анжэла РАДЫНА

Вторник, 06 ноября 2018 09:13

ФІНАНСАВАЯ ГРАМАТНАСЦЬ

 

    Вучні 10-11 класаў устаноў адукацыі раёна прынялі актыўны ўдзел у першым этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці, арганізатарамі якой з’яўляюцца Нацыянальны банк і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

    Пераможцы школьнага этапу прадставілі свае ўстановы на раённым, які адбыўся на базе сярэдняй школы № 2 г. Валожына. Усе 22 хлопцы і дзяўчаты паказалі дастойныя вынікі. Кампетэнтнае журы вызначыла сярод іх лепшых. Дыпломам I ступені ўзнагароджаны вучань Дорскага вучэбна-педагагічнага комплексу Артур Харлінскі. Дыплом II ступені ў Максіма Пупко з гімназіі № 1 г. Валожына. Дыплом III ступені заваяваў Вадзім Цішэвіч з Пугачоўскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Усе трое юнакоў займаюцца ў 11-м класе. Яны будуць накіраваны на абласны этап рэспубліканскай алімпіяды, які пройдзе на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Пажадаем рабятам далейшых поспехаў.

Пятница, 02 ноября 2018 09:56

Конкурсна-гульневая праграма

31 кастрычніка 2018 года Таццяна Пятроўна Часнок, загадчыца сельскага клуба разам з бібліятэкарам Жаннай Яўгенаўнай Мойса, у Суднікаўскім сельскім клубе правялі конкурсна-гульневую праграму з дзецьмі, якія наведваюць школьны лагер “Мы сябры прыроды”. Праводзіліся конкурсы : “Жывая і не жывая прырода”, ” Жывёлы”, “Эрудыт”, “Загадкі” і г.д. Тых, хто актыўна ўдзельнічаў у конкурсах, адзначылі прызамі.

Четверг, 01 ноября 2018 15:36

ПАЗНАВАЛЬНАЯ ВАНДРОЎКА

 

    Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама яшчэ летась распрацаваў два турыстычныя маршруты па Валожыншчыне. Актыўна ўключыліся ў гэту работу і культработнікі раёна: мастацкія калектывы, кіраўнікі гурткоў, спецыялісты музейнай справы.  Адзін напрамак пралягае праз Сакаўшчыну, Вішнева, Багданава і Дубіну, другі знаёміць са славутасцямі Івянца і Ракава.

    Падчас дарогі экскурсавод, а па сумяшчальніцтве навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Ніна Уладзіміраўна Бобрык выдатна расказвае пра кожны населены пункт, які даводзіцца праязджаць. Звесткі настолькі цікавыя, што нават знаўцы роднага краю застануцца ўражанымі. Некаторыя працоўныя калектывы ўжо скарысталі магчымасць і ў поўнай меры ацанілі вартасць такіх аўтобусных вандровак па малой радзіме. Нядаўна ў ролі турыстаў пабывалі камунальнікі райцэнтра.

     Прафсаюзная арганізацыя РУП “Валожынскі жылкамунгас” даўно славіцца сваёй актыўнасцю. Старшыня пярвічкі Аляксандр Сцяпанавіч Бяляўскі штогод арганізоўвае для членаў калектыву самыя разнастайныя паездкі. Яны аб’ездзілі ўсю Беларусь, пабывалі ў блізкім і далёкім замежжы, з’яўляюцца заядлымі тэатраламі. А нядаўна задумаліся: у пагоні за далёкімі дзівосамі можна зусім забыцца пра тое, што ёсць дома. Адзін з выхадных дзён група работнікаў жылкамунгаса адвяла на наведванне Сакаўшчыны, Вішнева, Багданава і Дубіны. Прыемных момантаў аказалася столькі, што было вырашана апрабаваць і іншы кірунак, да таго ж частку расходаў на паездку ўзяў на сябе прафсаюз. Камунальнікі і сталі першапраходцамі  ракаўска-івянецкага напрамку. 

    Зазначу, што аддаць перавагу якому-небудзь аднаму маршруту вопытныя турысты з жылкамунгаса не змаглі: цікава і хораша было ўсюды. Тым, хто яшчэ не падарожнічаў па роднай Валожыншчыне, яны раяць планаваць адразу дзве паездкі. Але неабходна ўлічыць: для гэтага спатрэбяцца і два выхадныя.

     Падарожжа на Івянец і Ракаў пачалося ў 9.00. Пасля знаёмства з рэлігійнымі святынямі старажытнага Ракава турыстаў чакала кава-паўза ў мясцовым цэнтры фальклору. Душу тут таксама можна было наталіць, паслухаўшы аўтэнтычныя музычныя інструменты, палюбаваўшыся на саматканыя паясы, батлейку. Парадавалі выступленнем артысты славутага “Гасцінца”, а яшчэ яны правялі майстар-клас па народных танцах. Усю дарогу да Івянца турысты дзяліліся захапленнямі ад убачанага, пачутага і нават трохі ганарыліся, што і самі аказаліся спраўнымі танцорамі…

    У Івянцы аматары даўніны прымералі на сябе ролю ткачыхі, каваля, ганчара, а дзякуючы экскурсаводу – дырэктару музея традыцыйнай культуры Валянціне Тадэвушаўне Адамовіч – з галавой акунуліся ў атмасферу местачковага побыту. Акрамя гістарычных звестак, маршрут парадаваў канцэртнымі нумарамі, якія прадугледжваліся праграмай. 

    Апошняй кропкай таго памятнага дня стаў абед у кафэ “Маладзёжнае”, які івянецкія культработнікі ператварылі ў сапраўдны баль. У 17.00 вандроўнікі накіраваліся дадому ў поўным перакананні, што час і грошы яны патрацілі з карысцю як для ўзбагачэння душы, так і для здароўя.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Четверг, 01 ноября 2018 15:35

ПЕРСПЕКТЫЎНЫ СТАРТ

 

     Калі запытаць у жыхароў вёскі Ракаў, што яны могуць сказаць пра свайго ўчастковага інспектара, старшага лейтэнанта міліцыі Дзяніса ЗУБКОЎСКАГА, то ў адказ пачуеш толькі станоўчыя характарыстыкі і словы ўдзячнасці.

    Прафесію ён выбраў свядома: хацелася займацца сур’ёзнай мужчынскай справай, абараняць добрых людзей ад злых, стаяць на варце справядлівасці. У разлік бралася і магчымасць кар’ернага росту па службовай лесвіцы ў сілавых структурах. Значных момантаў у біяграфіі маладога міліцыянера пакуль што не шмат. Галоўнай вехай стала вучоба ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, якую закончыў у 2015 годзе. Першае месца працы – Савецкі РАУС горада Мінска. Праз два гады пераведзены ў Валожынскі РАУС. І гэты паварот лёсу Дзяніса не засмуціў – зручней стала дабірацца на работу, бо жыве ў Аксакаўшчыне. Дома яго цяпер часцей бачаць жонка і маленькая дачушка Аліса.

    Служба ў сельскай мясцовасці мае свае адметнасці – чалавек у пагонах тут заўсёды навідавоку, што прадугледжвае асаблівую патрабавальнасць у першую чаргу да сябе. Прынамсі так вучыць Дзяніса Сяргеевіча яго цяперашні старэйшы калега Аляксандр Іванавіч Кажэка. Разам яны забяспечваюць правапарадак вялікай і даволі складанай у крымінальных адносінах Ракаўскай адміністрацыйнай акругі. Плошча сельсавета – 200 квадратных кіламетраў, тут 64 населеныя пункты з 5443 жыхарамі, вялікая колькасць дачных кааператываў, блізкасць сталіцы і наяўнасць аўтатрас рэспубліканскага значэння.

    На першым жа годзе нясення службы ўчастковы інспектар міліцыі Зубкоўскі разам з аператыўнікамі крымінальнага вышуку здолеў высачыць і схапіць злачынца-рэцыдывіста, за якім даўно “палявалі” праваахоўнікі. Гэты мужчына калісьці быў членам сумнавядомай банды Марозава з Гомеля, меў за плячамі не адну “ходку” на зону, агулам адсядзеўшы 16 гадоў, а выйшаўшы ў чарговы раз на волю, учыніў не менш за 12 новых злачынстваў, у асноўным – крадзяжы дачнай маёмасці грамадзян. Злодзей з такім унушальным крымінальным “багажом” разлічваў, што здолее “замесці” сляды, пазбегнуць выкрыцця і пакарання. Ды трапіліся на яго шляху граматныя прафесіяналы, пільныя і ўважлівыя – супрацоўнікі Валожынскага РАУС.  

    Нядаўна кіраўніцтва аддзела атрымала падзяку ў адрас Дзяніса Зубкоўскага ад грамадзянкі вёскі Ракаў. Жанчына напісала, што ў іх доме даўно пасяліліся сямейныя скандалы. Калі на сігнал аб чарговым канфлікце прыбыў гэты малады ўчастковы, яна нават расчаравалася: хіба можна разлічваць на сур’ёзную дапамогу з боку такога “зялёнага” юнца? Але нечакана аказалася, што старшы лейтэнант Зубкоўскі ўмее быць настойлівым, пераканаўчым. Гутарку вядзе ветліва і аргументавана, а ўраўнаважанасць дзейнічае на дэбашыра эфектыўней за агрэсію. Мала таго, што спакой і цішыню міліцыянер забяспечыў за лічаныя хвіліны, жанчына ў дадатак атрымала надзею, што лад у яе доме яшчэ доўга не парушыцца. Ну што ж, як кажуць, пажывём – пабачым. Але адно можна сцвярджаць дакладна: у Валожынскі РАУС прыйшоў працаваць чалавек з вялікім прафесіянальным патэнцыялам.

Страница 1833 из 2145

Задайте вопрос